Культура беларускай дуды на Міншчыне (Валожынскі раён, аг. Ракаў)

Культура беларускай дуды з’яўляецца комплекснай нематэрыяльнай каштоўнасцю, якая ўключае веды і навыкі, звязаныя з вырабам і выкарыстаннем музычнага інструмента адпаведнага традыцыйным узорам, што здаўна бытавалі на тэрыторыі Беларусі, музычна-інструментальнае выканальніцкае мастацтва, якое грунтуецца на традыцыйным рэпертуары дудовай музыкі і паступова ўключае больш сучасныя найгрышы, разнастайныя формы культурных практык з удзелам дудароў – музыкаванне падчас традыцыйных каляндарных і грамадскіх святаў; кірмашоў, фестываляў, вечарын традыцыйных танцаў, канцэртаў і іншых урачыстых падзей, а таксама сакральна-міфалагічныя ўяўленні, звязаныя з беларускай дудой. Дуда – старажытны традыцыйны музычны інструмент і твор дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. У мінулыя стагоддзі з’яўлялася не толькі музычным інструментам, але і атрыбутам рытуальна-магічных практык, якія ўзыходзілі да старажытных культаў. Дуда была вельмі папулярным музычным інструментам, выкарыстоўвалася для суправаджэння танцаў, песень і прыпевак, на сямейных і каляндарных абрадавых святах, ігрышчах і кірмашах. На дудзе ігралі як сольна, так і ў ансамблі са скрыпкай, цымбаламі і бубнам. Узоры аўтэнтычных найгрышаў на дудзе прадстаўляюць вялікую мастацкую і гістарычную вартасць, паколькі дэманструюць стылявыя асаблівасці найбольш даўніх пластоў музычнай культуры беларусаў.

Беларуская дуда – музычны інструмент, які належыць да класу язычковых аэрафонаў. Уяўляе сабой скураны мех з маленькай трубачкай-«соскай» для напаўнення яго паветрам і некалькімі ігравымі трубкамі рознай даўжыні – «перабор» (або «жалейка») з 6-8 адтулінамі для выканання мелодыі і 1-2 трубкі – «гукі». Кожны «гук» выдае толькі адзін нязменны тон (бурдон). Ігравыя трубкі маюць на адным канцы пішчык з адзінарным язычком з чароту або гусінага (індычага) пяра, на другім – рагавень (выгнуты раструб). Такім чынам, дуда ўяўляе сабой скураны мех, да якога далучаны драўляная жалейка, бурдон (адзін альбо некалькі), сапель. Праз сапель, звычайна, чалавек дзьме паветра, якім напаўняецца мех. Апошні трымаецца пад левай пахай такім чынам, каб сапель дацягваўся да роту выканаўцы. Падціскаючы мех рукой, надаецца паветраны ціск, які падаецца ў канал жалейкі і бурдона герметычна прыробленых да асновы (самаго меха). У сапелі павінен прысутнічать клапан, які не дае зваротнага ходу. У жалейцы і бурдоне прысутнічаюць драўляныя пішчыкі (прынцып духавога музычнага інструмента). Пад уздзеяннем паветранага ціску выдаецца гук. Бурдон гучыць адным танальным гукам, які зыходзіць праз раструб на канцы (рагаўні). Жалейка выконвае асноўную ролю. У ёй прысутнічаюць дзесяць адтулін (прынцып блок-флейты) і рагаўня. Па памерах жалейка заўсёды меншая чым бурдон. Меладычныя трубкі (жалейка, бурдон) пераважна робяцца з клёну, рагаўні з ліпы. У некаторых выпадках драўляныя элементы ўпрыгожваюцца інкрустацыяй з метала. Мех вырабляецца са скуры буйнай рагатай жывёлы. Для зручнасці навязваецца пояс, якім дуда падвешваецца на плячо музыкі. На працягу апошніх 25 гадоў адбываецца адраджэнне беларускай дуды дзякуючы працы даследчыкаў, выкладчыкаў з Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, майстроў па вырабе дуд, музыкаў-аматараў. У сучаснай музычнай практыцы дуда гучыць у шматлікіх калектывах розных музычных кірункаў (ансамблі народнай музыкі, аркестр імя І.Жыновіча, рок-гурты і інш.). Вытокі беларускай інструментальнай музыкі губляюцца ў глыбіні стагоддзяў. У сістэме духоўнай культуры беларусаў ёй належыць адмысловае месца, паколькі яна, як і некаторыя іншыя складнікі фальклору, звязана з самымі рознымі сферамі народнага жыцця (працай, абрадамі, хатнім побытам, адпачынкам). Да сярэдзіны ХХ ст. дуда была адным з галоўных інструментаў на танцавальных вячорках беларусаў.

Без дуды не абыходзілася не толькі на ігрышчах, кірмашах, у корчмах, але і ў час асобных каляндарна-земляробчых і сямейных абрадаў, асаблівую ролю дуда выконвала падчас вяселля. Выканаўца на дудзе, паводле вераванняў беларусаў, лічыўся сакральнай асобай, якая валодае звышнатуральнай сілай, здольны гукамі сваёй прылады выклікаць дождж, сонца і вецер. Сёння мы сутыкаемся з феноменам узрастаючай цікавасці да беларускай народнай культуры і яе спадчыны. Папулярызуецца фальклорная музыка, народныя танцы, абрады, гулянні. Дударства існуе ў звязку з традыцыямі і з’яўляецца часткай культуры ў цэлым. Заходні тып усходнееўрапейскіх дудаў уключае (апроч беларускай аднагукавай і двухгукавай дудаў) дуду Аўкштайціі і Жмудзі (сучаснай Літвы), дуды Велькапольшчы (сучаснай заходняй Польшчы), дуды тыпу “бок” вендаў (сучаснай Усходняй Германіі), часткова Чэхіі. Усе інструменты дадзенага тыпу дэманструюць адзінства ў выкарыстанні ражкоў-раструбаў, а таксама дэкору волавам (кольцы, пілападобны элемент, нахіленыя палоскі і інш.). Скандынаўска-балтыйскі тып уключае дуды Даларны (сучасная Швецыя), часткова Фінляндыі. Пад дадзены тып дудаў у большай ступені падыходзіць беларуская дуда-мацянка. Заходнебалканскі тып дудаў уключае інструменты з Босніі-Герцагавіны, Албаніі, Грэцыі і вострава Крыт. Цэнтральнабалканскі тып дудаў уключае інструменты з Славеніі, Паўночнай Сербіі, Славакіі, Венгрыі, Паўднёвай Польшчы і Заходняй Украіны. Інструменты дадзенай групы спалучаюць рысы заходнебалканскага тыпу дудаў, у якіх разам выкарыстоўваюцца асобы гук і ражкі-раструбы (у некаторых выпадках у рудыментарнай форме). Дэкор выкарыстоўваецца эпізадычна волавам, прысутнічаюць геаметрычная разьба і драўляная стылізаваная галава казы. Гэта сведчыць пра ўзаемапранікненне традыцый. На сённяшні дзень уменні ігры на дудзе і майстэрства вырабу інструмента перадаюцца пераважна ад майстра да вучня.

Са слоў даследчыка Т. Кашкурэвіча дуда бытавала па ўсёй Беларусі. У 70-х гадах знойдзены элементы дуды ў старой хаце Валожынскага раёна. У гэтыя ж гады яшчэ жылі носьбіты-дудары.

Носьбіты, выканаўцы, удзельнікі, актыўна далучаныя да практыкі (узнаўлення)

Палуйчык Максім Мікалаевіч

Кіраўнік заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь, фальклорнага ансамбля «Гасцінец», Ракаўскага цэнтра народнай творчасці (Валожынскі раён)

 

 

 

поделиться в:
Меню раздела
Президент Республики Беларусь https://president.gov.by/ru
Национальный правовой Интернет-портал Республики Беларусь https://pravo.by/
Министерство спорта и туризма Республики Беларусь https://www.mst.gov.by/
Портал рейтинговой оценки качества оказания услуг и административных процедур организациями Республики Беларусь http://качество-услуг.бел/